У акружэнні добрых сэрцаў

16 ноября 2023
У акружэнні добрых сэрцаў

У акружэнні добрых сэрцаў

            16 лістапада адзначаўся Міжнародны дзень талерантнасці. Ці актуальная гэтая тэма для тых, у каго дзеці – дашкольнікі, ці тых, хто працуе з імі? Аб гэтым ішла размова на пасяджэнні метадычнага аб’яднання выхавальнікаў дашкольнай адукацыі “Выхаванне асноваў талерантнасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту”. Перад пасяджэннем педагогам быў прапанаваны прагляд забавы ў рознаўзроставай групе “У акружэнні добрых сэрцаў”. Да самых малодшых нашых выхаванцаў прыбылі госці – Весялінка і Пірат. Весялінка, канечне ж, старалася развесяліць дзяцей, прапаноўваючы ім песні-гульні, псіхагімнастыку, танец з лыжкамі, спартыўныя практыкаванні. А аднавокі Пірат, які да таго ж быў і кульгавым, стараўся паказаць дзецям, як цяжка быць не такім, як усе, і як важна, каб мы вучыліся праяўляць да ўсіх людзей міласэрнасць, спачуванне, узаемаразуменне. Якія толькі цуды ні паказваў Пірат, каб развіць у дзяцей уменне праяўляць чуласць і увагу да тых, каму яна неабходна. У выніку дзеці падружыліся з Піратам.

        Потым педагогі працягнулі размову па тэме, бо ўжо трэці год ідзе  рэалізацыя рэспубліканскага інавацыйнага праекта . Яны даведаліся, што само слова “талерантнасць” – як калька з прозвішча вядомага французскага дзеяча Шарля Морыса дэ Талейран- Перыгора, які праславіўся тым, што як міністр замежных спраў Францыі ўсе перагаворы заканчваў мірам.  Работа па выхаванні талерантнасці прадугледжвае цеснае супрацоўніцтва педагогаў дзіцячага сада і бацькоў. Асаблівую ролю тут адыгрывае ўзаемадзеянне з бацькамі, чые дзеці маюць нейкія асблівасці ў развіцці. Выхавальнікам быў прапанаваны прыкладны змест работы па полікультурным выхаванні па ўзроставых групах, а таксама гульні і гульнявыя практыкаванні, якія можна выкарыстоўваць у выхаваўчай рабоце, рэкамендацыі па абнаўленні развіваючага прадметна-прасторавага асяроддзя. Педагогі прыйшлі да высновы, што і нам трэба вучыцца бачыць у другіх прыгажосць і дабрыню.

     А  каб той праменьчык святла, разумення, цярплівасці і вытрымкі стаў вялікім і яркім сонцам, трэба, каб кожны чалавек навучыўся яго бачыць.