“Аграклас — стартавая пляцоўка для будучых аграрыяў”

12 ноября 2026
“Аграклас — стартавая пляцоўка для будучых аграрыяў”

27.10.2026 у Мацвееўскай сярэдняй школе падчас круглага стала “Аграклас — стартавая пляцоўка для будучых аграрыяў” абмеркавалі падрыхтоўку кадраў для АПК, перспектывы мэтавага навучання і пытанні замацавання маладых спецыялістаў на месцах. Настаўніца фізікі Субацкай сярэдняй школы Ганна Міклашэвіч падзялілася вопытам работы ў класе аграрнай накіраванасці. Яна расказала, што сапраўдны прарыў адбыўся, калі тэорыя выйшла за межы класа: праводзяцца экскурсіі на КСУП “Зара і К”, Мінскі трактарны завод, Ваўкавыскую ветстанцыю. На факультатыўных занятках педагогі звязваюць фізіку з рэальнымі задачамі — напрыклад, вывучаюць законы Паскаля і канвекцыі, каб зразумець, як праектаваць сістэмы вентыляцыі на ферме або гідраўліку трактара. А для пракачкі навыкаў распрацавалі настольную эканамічную гульню “АграКвест: фермерскі стартап”. Асаблівую гордасць у настаўнікаў Субацкай школы выклікае ўдзел навучэнцаў у рэс­публіканскім аграрна-педагагічным форуме “Аграгіяда-2026” у Гродне. У завочным этапе ўдзельнічалі 97 каманд, а гэта больш за 500 школьнікаў і 100 педагогаў з усёй Беларусі, у вочны тур прайшлі толькі 30 наймац­нейшых. Каманда Субацкай школы стала пераможцай у намінацыі “Хакатон для навучэнцаў”, спраектаваўшы аграрныя экасістэмы з дапамогай штучнага інтэлекту. Дыпломы “Аграгіяды” даюць перавагу пры паступ­ленні ў ГрДАУ. 

Падрабязнасці - у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.